“Интервью делегата Всебелорусского съезда Ворожбит Галины Михайловны

«Цаніце і шануйце тое, што маеце»

Галіна Варажбіт, кіраўніца беларускай суполкі «Сябры» з украінскага Чарнігава, — у ліку тых, хто запрошаны на VІ Усебеларускі народны сход ад прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Магчыма, людзі на Мядзельшчыне пакуль што і не ведаюць, што іх зямлячка з Чарнігава ў ліку іншых збіраецца ў Мінск на прадстаўнічы форум. Прыадкрываем некаторыя факты, з якіх і сама Галіна Міхайлаўна не робіць таямніцы: у дзявоцтве яна мела прозвішча Шаховіч, родам — з мястэчка Крывічы Мядзельскага раёна Міншчыны.

Цяпер яе «родны кут» — цэнтр сельсавета, у якім звыш тысячы жыхароў. Мястэчку больш за 520 гадоў, знаходзіцца яно за тры кіламетры ад чыгуначнай станцыі Крывічы, што на лініі Маладзечна — Полацк. Некалі гэта была тэрыторыя Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Вялікім Княстве Літоўскім. З даўніх часоў паселішча ўпрыгожвае касцёл, і, дарэчы, па лініі маці ў родзе Галіны ўсе былі католікі, па бацькавай — праваслаўныя. Хрысцілі дзяўчынку ў праваслаўнай царкве, а значна пазней у той жа царкве — і мужа Галіны. Усе дзеці ў Крывічах, згадвае Галіна Міхайлаўна, у пару яе дзяцінства выхоўваліся ў глыбокай веры, з захаваннем усіх народных і хрысціянскіх традыцый.

Пасля школы Галіна Шаховіч скончыла з высокімі адзнакамі сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымала спецыяльнасць тэхніка-пчаляра. Потым прадоўжыла навучанне ў Кіеўскай сельгасакадэміі. Там жа сустрэла будучага мужа-ўкраінца родам з Чарнігаўскага раёна. Пасля заканчэння вучобы ў 1983-м маладыя спецыялісты тры гады аддалі калгасу, затым пераехалі ў Чарнігаў.

Галіна Міхайлаўна 28 гадоў адпрацавала ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, потым выйшла на пенсію. У сям’і нарадзіліся ды выраслі два сыны і дачка, ёсць і ўнукі. Унучка спадарыні Галіны, вучаніца 9-й чарнігаўскай школы Лізавета Варажбіт, ужо далучана да спраў беларускай суполкі. Ліза добра малюе, нават атрымала некалькі дыпломаў за паспяховы ўдзел ва Усеўкраінскім конкурсе дзіцячых малюнкаў па кнізе Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Той конкурс да юбілею класіка ладзіў Цэнтр беларускай мовы і літаратуры імя Уладзіміра Караткевіча (ён створаны і дзейнічае ў Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі) з падтрымкай пасольства Беларусі ва Украіне.

Чарнігаўская суполка «Сябры» цяпер вядомая сярод беларусаў Украіны. Пра яе стварэнне Галіна Варажбіт згадвала наступнае: «У 2003 годзе ў нашу абласную дзяржадміністрацыю прыехаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь Віталь Курашык. Тады ж губернатар мяне папрасіў распавесці госцю пра жыццё мясцовых беларусаў. Пра сваё жыццё я магла расказаць шмат, але колькі беларусаў жыве ў Чарнігаве і вобласці — нават не ведала. Тады пасол і прапанаваў мне стварыць у Чарнігаве ўкраінска-беларускую суполку». Так што з лёгкай рукі Віталя Курашыка і пачалася гісторыя беларускай суполкі ў Чарнігаве: яе зарэгістравалі 16 ліпеня 2003 года. І ўвесь час кіруе «Сябрамі» — а гэта больш за сто чалавек — Галіна Варажбіт.

Галіна Міхайлаўна выказала спадзяванне, што ўсё складзецца добра і яна паўдзельнічае ў народным вечы: «Я гэтым вельмі ганаруся, бо люблю Беларусь і зычу сваім землякам дабра і росквіту. Хочацца ўсім беларусам пажадаць: думайце і «падключайце» сэрца, калі прымаеце адказныя, лёсавызначальныя рашэнні. Мой жыццёвы досвед падказвае мне, што ніколі не варта ісці за тымі, хто проста шмат абяцае, ды рэальна для Бацькаўшчыны анічога не зрабіў. Мне вельмі хочацца, каб землякі мае не надзявалі ружовыя акуляры — каб бачылі, хто ёсць хто. Каб цанілі ды шанавалі ўсё тое, што ўжо зроблена ў Беларусі. А заслуга Прэзідэнта ў гэтым вялікая. І з боку, нават з нашага блізкага замежжа, тое вельмі добра відаць. Прычым, паверце: нам, беларусам Украіны, ёсць з чым параўноўваць. І мне вельмі хочацца, аж да слёз, каб родныя мае людзі, усе беларусы цанілі ды ўсімі сіламі зберагалі тое, што дасягнута, што сёння маюць. Каб потым не шкадаваць, нарабіўшы непапраўных памылак».

15.02.2021.

На основе материалов zviazda.by: https://zviazda.by/be/news/20210205/1612542664-canice-i-shanuyce-toe-shto-maece

Поделиться

Добавить комментарий