Стихи Лилии Бондаревич-Черненко

“ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВІ”
Што боль і шчастя?..
Майго астрога
Вы не чапайце,
Ідзіце з Богам.
Агонь начлежны
Мяне пакліча
Усвет бязмежны,
Дзе птах курлыча,
Дзе пыл гасцінца,
Як пудра клейкі,
Дзе мама сніцца
Пад плач жалейкі,
Дзе прывід шчасця
Ўцячэ ў завулак.
Крыжоў распяцці,
Дарожны клунак…
Ўсе потым будзе
(жыццё як песня):
Цымбалы й бубен,
Зязюля ў лесе,
І пах настурцый
Пад роднай хатай,
Куды заўсёды
Вярнуцца варта.

“БЕЛАРУСКАЕ ЛЕТА”
Суцешана тут і сагрэта.
Я – родная тут, не чужая.
Майго беларускага лета
Матыль сінякрылы лятае.
Іржышчам кракуе бусліха,
Туманы ляжаць над узгоркам,
Вядуць вечарамі так ціха
Бабулькі на лаўках гаворкі.
Тут сны чабаровыя сняцца,
Званы тут касцельныя будзяць…
Не плакаць мне тут, а смяцца –
Было так заўсёды і буде…
Ссівелая добрая маці
Частуе блінамі, малі най,
Утульна ў бацькоўскай мне хаце,
Якую так скора пакіну.
Развітвацца буду з краінай –
Я сяду у поезд, паеду…
А там, на маёй Украіне,
Трошачкі іншае лета…

Двух сонцаў няма у прыроды.
Сінеюць у снах верасы…
Са мною радзіма заўсёды:
Сцяжынкі,
Валошкі,
Буслы.
Маленні ад ночы да рання-
Я лодкай плыву без вясла…
Я ведаю – гэта каханне:
Абдымкі,
Ільдзінкі,
Сляза.
Няўпынна  так скарбы шукала,
 Як кропелькі цёплай расы.
Я столькі ўжо іх назбірала!
Вось вершы,
Унучанька,
Сын.
І хлеб вунь – на чыстым абрусе.
У кожнага доля свая,
І я паўтараць не стамлюся:
Матуля,
Сумленне,
Зямля.

Любісцікам (а мо тугой?)
Прапах ізноў мой украінскі вечар…
Пад саламянаю страхой
Па-беларуску ластаўка шчабеча.
Для шчасця маю 100 прычын –
Нікому сувязь доляў не парушыць:
Няма, павер, чужых айчын,
Таксама, як людзей  чужых і птушак.

У лесе пахне медуніцай,
У свеце – порахам вайны.
Усім нам варта памаліцца –
Няма нікога без віны.
Нам суджана у гэтым часе
Чамусь радзіцца, потым жыць.
Ў цане салдаты,  не паэты –
Ў  пакой з экрана кроў бяжыць.
Жыццё ні баль. Ні рай. Ні пекла.
Глыток правіны, потым – боль.
Так звычна весці чалавеку
Шчодзённы бой з самім сабой.
Ці можа – з іншым, з незнаёмцам?
Яго так цяжка зразумець!..
І толькі маміным аконцам
На іншай шыраце гарэць!…
Мільгнуў, схаваўся у тумане
Знаёмы твар сярод чужых,
І вырастаюць нечакана
Не дрэвы – чорныя крыжы.
Усім нам варта памаліцца:
Не ненавідзець час – любіць.
А недзе пахне медуніца
І маміна вакно гарыць…

Мы пачыналі ўсё спочатку,
Мы пачыналі сто разоў,
Спяшылі потым без аглядкі
Да сцежкі, што вядзе дамоў.
Былі такімі маладымі
І час пілі, як малако,
Гады глыталі і хвіліны,
Звінела неба быццам шкло.
Жылі, ляталі, дзе хацелі,
І не баяліся багоў…
Даўно ўжо скроні пасівелі,
А сцежка ўсё вядзе дамоў…

Сусвет вялікі надта,
І ўсе ж такі малы.
Страляе брат у брата
Без болю і віны,
Чыёсь спрабуе цела –
І куляй, і вагнём.
Дзіця асірацела,
А мы яшчэ жывём.
Згарэла недзе сонца
Над розпачу і злом,
Бэз стукае ў аконца,
А мы яшчэ жывём.
І грэцкія трактаты
Нямодна ўжо любіць,
Зноў грэюцца салдаты
Ля свечкі, што гарыць.
Пшанічны колас выспеў –
Спячэцца хлеб не ўсім.
Сакрат цыкуту выпіў
І свечку загасіў…

Жыць ў натоўпе цароў і рабоў
Так набрыдла. Таго мы хацелі?
Нашы душы – вышэй усіх сцягоў,
Б*юцца, б*юцца ў пацёртых шынэлях.
Сярод тлуму трывожных зарніц
(адступаць – гэта дрэнная звычка)
Заіграў ужо бязвусы гарніст –
Душы строяцца на пераклічку…

Дастала неба з Божай скрыні зоркі –
Рассыпала над грэшнаю зямлёй,
Наш шлях бясконцы, безнадзейна горкі…
Адмолім і  адкупім грэх  душой?..
І кожны надта добра уяўляе,
Як цяжка жыць у гэты цяжкі час.
Па-беларуску Гамлет размаўляе,
І прывід Эльсінора сярод нас…
Кладу у падарожны сціплы ранец
Апошнія пытанні, як тугу, –
Сярод тумана непражытых раніц
Іх раздаю на гулкім бальшаку.
Шлях на Галгофу ўчора адчыніўся,
Ерусалім ў пясках гарачых спіць,
А той, хто ў Віфліеме нарадзіўся,
З трывогаю на нас з небёс глядзіць…

Я ў гэтай краіне свая –
Я у ёй штось знайду і штось страчу.
І пахне пад сонцам зямля,
Як хлеб свежаспечаны, смачна.
Святло там заўсёды, дзе цень…
Як хлеб, Бог нам беды разрэжа.
Ідзе па гасцінцу алень,
Пакінуўшы Белую вежу…

Ізноў завеі і вятры –
Як сонца мала!
З няскошанай калісь травы
Раса апала…
І мацыёлы нежны сум
Пакліча раптам –
Ў сваю дзіцячую вясну
Паедзеш завтра.
Дарог багата, а адна
Як шлях той Млечны.
Матуля ціха ля вакна
Запаліць свечку.
Зазвоняць зноў манастыры
У свае звоны –
Там з самай ночы да зары
Не спяць іконы.
Ўратуе песня ад бяды –
Малітвай стане.
Да роднай хаты, як заўжды,
Тваё вяртанне.
Пад небам змораным зара
Заграе цішу –
Як пер*ечка, душу яна
Тваю калыша…

Як мне часта цяпер не спіцца!
На радзіму хачу сваю-
Там у лесе пяюць крыніцы
І хапае нябёс жураўлю.
 На аколічных раздарожжах
На крыжах на драўляных ёсць Бог…
І чаму ж мы жывём так безбожна
У аблозе хлусні і трывог?
Праваслаўны Бог? Каталіцкі?..
Пазірае і толькі маўчыць.
Ен знаёмы такі і блізкі,
Нас спрабуе усіх  зберагчы…
Да радзімы, да Белай Русі,
Пабягу басанож я хутчій,
Каля ўсіх крыжоў памалюся,
Можа, стане тады мне лягчэй…

Што грошы, слава і узнагароды!
Аб гэтым я нікога не малю!
На беларускім толькі б агародзе
Мне паваліцца ў цёплую траву!
Траву, амытую расой, дажджамі,
Пабачыць неба, страказу злавіць,
З рамонкамі – іх насадзіла мама –
Пра долю і любоў пагаварыць…
Папрацаваць так шчыра на зямліцы,
І церпкі пах бульбоўніка адчуць,
І памідоры падвязаць у цяпліцы,
А потым зморана ў траве заснуть.
…Старонкі кніг, што я калісь пісала,
Так лёгка прачытаць-перагарнуць,
А на радках, дзе штось не даказала –
Для вас рамонкі маміны цвітуть…

Душа не плача ні за чым,
І – ні слязінкі на вачах.
Сярод палюбленых Айчын
Ляжаць аблокі на стагах.
Душа не плача ні за чым –
Я долю шоўкава праду.
Няма ні знака, ні прычын,
Каб калыхаць ў руках бяду.
Душа не плача ні за чым –
Спявае птушка ўсе званчэй.
…Ідзе з катомкай пілігрым,
І слёзы коцяцца з вачэй.
Альшанскі замак
Час зруйнаваў
Старога замка сцены.
Чые блукаюць
Між руінаў цені?..
Там Дама Белая
З Манахам Чорным
Збіраюць стухшыя –
З каменняў – зоры.
Калісь яны былі –
Жывыя людзі,
Кахання мелі,
І жылі ў тым цудзе.
Цяпер яны –
Гісторыі герої,
І ад турыстаў
Ім няма спакою.
Цяпер ўжо не людзі –
Проста здані.
Галоўнае –
Кахаюць, як кахалі…
Калі б сустрэлі іх ,
Вы б іх пазналі.

Над жытам – небам сінім – жураўлі
Плывуць, журботна разгарнуўшы крылы.
Шукаю словы для сваёй зямлі –
Для мацінкі адзінай, для радзімы.
Радзімай трэба дыхаць і маўчаць,
Бо шчырасць слоў губляецца, знікае,
Як прамаўляеш. Жураўлі ляцяць,
Іх пер*е лета ў свой фартух збірае.
Рассыпаліся лесам верасы…
Навошта прызнавацца у каханні?..
Дрыжыць на верасах сляза расы,
І гэта – найшчырэй за ўсе прызнанні!

Пад ранак лета стыне
Калодежнай вадой,
Стаіць над вёскай жнівень,
Над бэзам, над  страхой.
Плыве празрысты велюм
Над лугам, азярцом,
Пшаніца жовта спее,
Шчыруе каласком.
І яблыкамі ў садзе
Усыпана трава…
У садзе шмат што знайдзем –
Мой родны брат і я.
Арэлі: мчыцца сэрца
У неба кожны раз,
Бабуля нам смяецца,
І мы  ёй – у адказ.  
Яна яшчэ жывая,
 Ступае па зямлі,
У ночвах нас купае.
Далёка да зімы…
Гаршчок прасянай кашы
Нам з печы дастае…
Дзяцінства пахне наша
Той кашай на стале…

Мая кветачка, мая красачка –
Мама так называе мяне.
Яе ласкай гэтай прыкрашана
Днём маркотным і ў ранішнім сне.
Былі й радасці, з доляй сварачкі,
Сум хваробы і пыл гарадоў…
Тваёй красачцы, мая мамачка,
Сёння споўнілась  40 гадоў!

Ядвіга, Марыя, Яніна –
Кабеты ні даць, ні ўзяць –
Пры поўнай красе тры жанчыны
Пад бэзам белым сядзяць
(іх дзеці заснулі да ранку:
Алесі й Міхаські спяць).
Льняныя на іх вышыванкі,
Маністы на шыях блышчаць…
Стаміліся ногі і рукі
Быць ў клопаце вечным, балець,
Хапае праблемаў і скрухі –
Нядоўга і звар*яцець…
Як цяжка у тым карагодзе
Ім беды, як жыта, жаць…
Не важна, якое стагодзе –
Так хочацца ім паспяваць!..
Спяваюць на матчынай мове
Пра долю, надзею, журбу.
Бальшак замаўчаў наш вясковы –
Слухае душ варажбу.
Прыціхлі і панны, і хлопцы,
Спыніліся ля варот,
Згасала у возеры сонца,
Нібы жар-птушкі пяро…
Празрыста-шчымліва спявалі
І песня ляцела ў  Сусвет,
І ціха було, як у храме,
І ліўся над вёскай свет
(а песня – заўжды як прычасце)…
І падаў бэзавы снег,
І недзе шчасліва у хаце
Дзіцёнак смяяўся у сне…
Нам суджана жыць і памерці
На гэтай – нашай – зямлі,
І верыць, і ведае сэрца:
Хопіць зярняткам раллі.
Святога ў жыцці не губляюць,
І доля на ўсіх адна,
Пакуль так жанчыны спяваюць,
І дзеці смяюцца у снах…
І пэўна,  у гэтым прычына,
Іншых прычын не шукаць.
…Ядвіга, Марыя, Яніна
Сабраліся паспяваць.

Купляе ўсё – фамільныя сакрэты
І табакерку з дымам тытунёў,
Талеркі, лыжкі і графін з буфетам,
Пташыны шчэбет шчырых польскіх слоў.
Нашто яму прароцтвы нашы, долі,
Наш млын разбураны ў лясной глушы?..
А еўра шалясцяць, хрусцяць ў далоні,
І млосна так – да дрыжыкаў душы.
Купляе ён паветра і падворак
(блішчыць, як воран, чорны мерсэдэс),
Бурштын, брусніцы і блакіт чабору,
З Ісусам на гасцінцы бліжнім хрэст…
Люстэркі і з гадзінніка зязюлю,
Сурвэткі і падушкі першых сноў,
Зламаную ларнетку залатую,
Бо грошы ёсць. Няма бацькоў. Багоў.
Купляе фота – дзед мой там у фрэнчы,
Я побач з мамай маладой стаю…
Купляе оптам – памяць, род. Не рэчы.
Ды толькі я…зусім не прадаю.

На дальнім беразе
Настурцыя цвіце…
Праз дождж і верасень
Цягнік мяне в’язе
Туды, дзе праведный
Травы пад ветрам спеў,
Ад рук дзе маміных
У дзежцы хлеб паспеў…
ТАМ сінь крыштальная
Вачэй, ракі, нябёс…
Тугу вакзальную
ТУТ вецер мне прынёс
Праз шкло вагоннае,
І несолодкі чай,
І ноч бяздонную –
Плацкартны мой адчай.
Мадрыд, Венецыя,
Стамбул і Анкара
Агнямі свецяцца…
Туды не еду я.
Зусім не ў Турцыю
Цягнік мяне в’язе –
Да мамінай настурцыі,
Што так яшчэ цвіце!

У грудзях стомленай планеты
Свае сцягі, свае сакрэты,
Свае няспраўджаныя сны,
Ў якіх даволі ўсім вясны.
Сустрэчу Бог нам прызначае
Сярод сусветнага адчаю,
Яшчэ ідуць, ідуць снягі
І свецяць бела берагі…
Яшчэ нам плакаць і смяяцца,
У цёплы дом свій павяртацца,
І ўсе спочатку пачынаць,
І спадзявацца, і кахаць…

Ад берагоў Дзясны да Сожа –
Нябёсы, сосны, сенажаць…
І алтары, што нам паможуць
Малітвы небу адаслаць.
Ад берагоў Дзясны да Сожа
Я птушкай-ластаўкай лячу…
Ты зберажы краіны, Божа,
Ў якіх спяваю і маўчу,
Ў якіх самотна і шчасліва
Штодзень са Словам гавару,
Малюся шчыра, штохвілінна
Я старадаўняму кастру,
Ў якіх жыву, смяюся, плачу,
Ў якіх мне долю не змяніць,
Якім ніколі не аддзячыць
За шчасце верыць і любіць…

Поделиться

Добавить комментарий