КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ. Расказваем пра скарбы Гродзеншчыны

З Мінска на Гродзеншчыну. Храм-крэпасць, падземны ход, рарытэты, славутасці і загадкі — падчас падарожжа па роднай зямлі.

Сучасны Шчучын. Вежа з гадзіннікам (злева)

Гродзеншчына славіцца сваімі архітэктурнымі помнікамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Шмат стагоддзяў радуюць вока хараством і веліччу яе старажытныя замкі і храмы. Праз 2,5 гадзіны збочваем з трасы — і вось мы ў населеным пункце.

Мураванкаўская жамчужына

Мураванка — вёска невялікая. Ёсць сучасныя дамы, там-сям прыляпіліся драўляныя хаткі. Адна аж набок нахілілася: там даўно ніхто не жыве. А за ёй перад маімі вачыма раптам паўстае нешта неверагоднае. Велічны раскошны храм, ён нібы сышоў з неба. Падыходзім бліжэй.

— Адзін з выдатнейшых помнікаў абарончага дойлідства Вялікага княства Літоўскага — царква Нараджэння Багародзіцы, або Маламажэйкаўская, — тлумачыць гід Яраш.  Гэта храм-крэпасць. Такіх у Беларусі тры: акрамя гэтай ёсць яшчэ Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах пад Слонімам і касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна.

Пабудаваны аб’ект у стылі беларускай готыкі прыблізна паміж 1516 і 1542 гадамі. Яго гісторыя звязана з фальваркам Малое Мажэйкава, уладар якога Шымка Мацковіч узвёў мураваны храм за свае грошы на месцы старой драўлянай капліцы. Паводле падання, тут нейкі час хаваўся вялікі князь Вітаўт, пасля таго як уцёк з Крэўскай турмы ад Ягайлы. Царква здаецца вялікай, аднак плошча яе толькі 15 х 14 м, затое сцены маюць таўшчыню каля 2 м. Асобныя дэталі — нішы, паясочкі, пілястры — атынкаваныя ў белы колер. Таму і атрымаўся арыгінальны стракаты фасад. Падымаемся па вузкай доўгай вітой лесвіцы і выходзім на паддашак. Якія адтуль краявіды — гэта незабыўныя ўражанні! Паглядзела ўніз і адхінулася: такой далёкай падалася зямля. У круглых храмавых вежах — байніцы. Над кожнай знаходзіцца невялікая адтуліна для назірання за праціўнікам.

Царква Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Мураванка

— У вайну сюды збягаўся народ, дзверы зачыняліся, апускалася герса, каб немагчыма было зайсці ў царкву, — гаворыць Яраш.  Пад зямлёю ў сутарэннях захоўваліся зброя і боепрыпасы. Праз байніцы людзі стралялі, кідалі каменні, вылівалі на ворагаў вар.

Храм не раз быў моцна пашкоджаны, разрабаваны, пераходзіў да прадстаўнікоў іншых канфесій. Але цяпер зноў належыць праваслаўным вернікам.

Цешча мая даражэнькая

Едзем у вёску Ішчална, дзе знаходзіцца касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваны ў 1750-х. Адзін з яго званоў унікальны: ён адліты ў 1737 годзе спецыялістам з Кёнігсберга. З паўднёвага боку храма стаіць яшчэ адзін рарытэт — сонечны гадзіннік.

— Другога такога ў Беларусі няма, — расказвае гід.  Устанавіў яго ў пачатку XIX стагоддзя вядомы майстра з Вільні Язэп Малецкі.

Разглядаем круглы каменны пастамент вышынёй каля метра. У цэнтры прымацавана медная пласціна, на ёй — трохвугольная алавяная стрэлка, напалову зламаная. Верхні вугал накіраваны на Палярную зорку. У сонечнае надвор’е цень ад стрэлкі падае на цыферблат, размешчаны гарызантальна, і паказвае час. Зразумела, вельмі прыблізны.

Наступны прыпынак — Шчучын. Чыстыя вуліцы, дагледжаныя пабудовы і двары. Працуюць прамысловыя прадпрыемствы, масласырзавод, развіваецца турыстычная сфера.

Заснаваны населены пункт у XV стагоддзі. У розныя часы ім валодалі княжацкія роды Кучукоў, Кішкаў, Радзівілаў, Сцыпіёнаў, Сіруцяў, Юдзілаў, Давойнаў, Друцкіх-Любецкіх. Адна з славутасцей горада — вялікі палацавы комплекс, пабудаваны ў 1860–1870 гадах. Пасля рэстаўрацыі абнавіўся, мае манументальны выгляд, карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў.

А вось касцёл Святой Тэрэзы Авільскай, узведзены ў 1828 годзе з цэглы па фундацыі князя Ксаверыя Друцкага-Любецкага пры кляштары ордэна піяраў. Але зрабіў ён гэта не зусім бескарысліва — дзеля сваёй цешчы Тэрэзы, якая смяротна хварэла. Гавораць, дапамагло: жанчына пражыла яшчэ каля 10 гадоў.

Абярэгі

За храмам знаходзяцца кляштарныя корпусы і невялікі парк. Там расце старажытны дуб-волат, які больш за два стагоддзi назірае за жыццём Шчучына і ахоўвае яго. Нібы пасадзіў яго сам Станіслаў Баніфацый Юндзіл — святар ордэна піяраў, прафесар батанікі і заалогіі Віленскага ўніверсітэта, заснавальнік унікальнага батанічнага саду ў горадзе. Мэтай ордэна піяраў было хрысціянскае выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі праз стварэнне шырокай сеткі калегіумаў. У Шчучыне размяшчаўся буйнейшы з іх. Адукацыю там штогод атрымлівалі больш за 100 навучэнцаў. Працавалі ў населеным пункце і вялікая бібліятэка, у якой меліся рэдкія кнігі, і першая ў горадзе аптэка.

Выходзім на галоўную плошчу, дзе ганарліва ўзвышаецца вежа з гадзіннікам, ёй ужо каля 100 гадоў. Жыхары лічаць вежу абярэгам ад пажараў, голаду і мору. З гэтым месцам звязана загадка. Паводле чутак, пад плошчай ёсць падземны ход. Быццам ён вядзе ў цэнтр горада ад капліцы XVIII стагоддзя на каталіцкіх могілках. Так ці не, невядома, але будаўнікі і камунальнікі часам натыкаюцца на старажытны падмурак.

Палац Святаполк-Чацьвярцінскіх у Жалудку

Есць у Шчучынскім раёне і іншыя славутасці, якія падарожнікі абавязкова павінны пабачыць. Гэта і царква Святога Архангела Міхаіла, і палацавы комплекс у Жалудку, і дом-музей кампазітара, музыканта и спевака Чэслава Немана ў Васілішках.

04.02.2021.

На основе материалов minsknews.by: https://minsknews.by/kab-lyubicz-belarus-nashu-miluyu-raskazvaem-pra-skarby-grodzenshchyny/

Поделиться

Добавить комментарий